помнік архітэктуры позняга барока ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1775 з цэглы, рэстаўрыраваны пасля 1-й сусв. вайны. Пасля Вял.Айч. вайны не дзейнічаў. Перададзены вернікам у 1990-я г., рэстаўрыраваны (арх. В.Атас; фрэскавы жывапіс, М.Залатуха і У.Ракіцкі).
Першы драўляны касцёл засн. каля 1490 па фундацыі караля Казіміра IV Ягелончыка (першая культавая фундацыя горада). Новы будынак узведзены ў 1595 Л.Сапегам, у 1660 перабудаваны. Мураваны храм 1-нефавы з 2-вежавым гал. фасадам. Неф, алтарная ч. і сім. бакавыя сакрысціі прамавугольныя ў плане, маюць сціплае дэкар. аздабленне. Вежы пастаўлены пад вуглом да гал. фасада, што надае яму хвалістую прасторавую структуру. Гал. фасад багата дэкарыраваны слаістымі пілястрамі, фігурным франтонам, валютамі, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш. У інтэр’еры ілюзорна-перспектыўная фрэскавая размалёўка ў тэхніцы грызайль: пілястры з ракайлямі, фігуры анёлаў, муз. атрыбуты, ваза. Пластычна-дэкар. акцэнт — гал. стукавы алтар у выглядзе порціка са здвоенымі карынфскімі калонамі, завершаны трохвугольным франтонам з буйнамаштабнымі скульптурамі анёлаў. У алтары скульптура «Укрыжаванне» і абраз «Маці Божая Жыровіцкая». На бакавых сценах прэсбітэрыя фрэскавыя кампазіцыі на біблейскія СЮЖЭТЫ.